ДЛЯ ГАСЦЕЙ
Віза
Тыпы ўязных віз у Рэспубліцы Беларусь прадугледжаны наступныя тыпы ўязных віз: B — транзітная; C — кароткатэрміновая; D — доўгатэрміновая.
Візы падзяляюцца на аднаразовыя, двухразовыя і шматразовыя.
Транзітная віза (тып B) выдаецца ў мэтах транзітнага праезду праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на заяўлены тэрмін, але не больш чым 1 год і дзейнічае на працягу 2 сутак з дня ўезду іншаземца ў Рэспубліку Беларусь. Транзітная віза выдаецца для аднаразовага, двухразовага і шматразовага праезду праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці ў іншаземца візы краіны, у якую ён накіроўваецца праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Аднаразовая, двухразовая і шматразовая кароткатэрміновая віза (тып C) выдаецца на заяўлены тэрмін, але не больш чым на 90 сутак, у наступных мэтах:
• ажыццяўленне дзелавой паездкі (без права працы па найму) — на падставе хадайніцтва юрыдычнай асобы, аформленага на фірменным бланку з пазначэннем рэквізітаў і замацаванага пячаткай юрыдычнай асобы;
• па прыватных справах — пры наяўнасці арыгіналу запрашэння на ўезд у Рэспубліку Беларусь, аформленага падраздзяленнем па грамадзянству і міграцыі; паведамлення, якое пацвярджае патрэбу тэрміновай паездкі ў Рэспубліку Беларусь у выпадку цяжкай хваробы або смерці блізкага сваяка; даведкі, якая пацвярджае факт пахавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і захаванасці магілы блізкіх сваякоў іншаземца; заявы-запрашэння грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, засведчанай у замежнай установе ў вызначаным парадку; дакумента, які пацвярджае наяўнасць нерухомай маёмасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; судовай павесткі і г. д.;
• вучоба — пры наяўнасці арыгіналу запрашэння ўстановы адукацыі або навуковай арганізацыі Рэспублікі Беларусь, узгодненага з падраздзяленнем па грамадзянству і міграцыі, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўстанова адукацыі або навуковая арганізацыя, на тэрмін, пазначаны ў запрашэнні, але не больш 30 сутак;
• турызм — на падставе арыгіналу турыстычнага ваўчара, аформленага беларускай турыстычнай арганізацыяй у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, на тэрмін, пазначаны ў ваўчары, але не больш 30 сутак.
Грамадзянам шэрагу дзяржаў (Аўстрыя, Андора, Бельгія, Вялікабрытанія, Венгрыя, Данія, Грэцыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Ірландыя, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, ФРГ, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Эстонія), якія ўязджаюць з дзелавымі і прыватнымі мэтамі, можа быць выдадзена віза (без права працы па найму) на тэрмін да 30 сутак без хадайніцтва юрыдычнай асобы альбо запрашэння.
Доўгатэрміновая віза (тып D) выдаецца для шматразовага ўезду ў Рэспубліку Беларусь тэрмінам дзеяння на 1 год з правам знаходжання да 90 сутак у год, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, у наступных мэтах:
• падтрыманне дзелавых кантактаў (без права працы па найму) — па ўказанню консульскага ўпраўлення на падставе хадайніцтва юрыдычнай асобы, узгодненага ў Дэпартаменце па грамадзянству і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь;
• па прыватных справах — пры наяўнасці арыгіналу запрашэння на шматразовы ўезд у Рэспубліку Беларусь, аформленага падраздзяленнем па грамадзянству і міграцыі; па заяве грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які стала пражывае за мяжой, — мужа (жонкі) альбо блізкага сваяка іншаземца; па дакументу, што пацвярджае наяўнасць нерухомай маёмасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; даведкі, якая пацвярджае факт пахавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і захаванасці магілы блізкіх сваякоў іншаземца і г. д.
Кароткатэрміновая групавая віза выдаецца пры ўмове адначасовага ўезду ў Рэспубліку Беларусь або транзіту праз яе тэрыторыю групы іншаземцаў колькасцю 5 і больш чалавек, аб'яднаных агульнай мэтай паездкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у складзе групы. Для афармлення такой візы ў замежную ўстанову прадстаўляецца пайменны спіс групы, які змяшчае наступныя звесткі: прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, нумар дакумента для выезду за мяжу, дата заканчэння тэрміна дзеяння дакумента для выезду за мяжу, грамадзянства; першым у спісе ўказваецца кіраўнік групы. Спіс падпісваецца кіраўніком арганізацыі, якая хадайнічае аб уездзе групы ў Рэспубліку Беларусь, і замацоўваецца пячаткай дадзенай арганізацыі.
Выязныя, выязныя–уязныя (у тым ліку шматразовыя) візы выдаюцца падраздзяленнямі па грамадзянству і міграцыі па месцу часовага знаходжання, часовага альбо сталага пражывання іншаземцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Выязная віза выдаецца, калі:
– іншаземец звярнуўся з пісьмовым хадайніцтвам па пытанню працягнення тэрміна часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь;
– іншаземец знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з візай, тэрмін дзеяння якой мінуў;
– у дачыненні іншаземца вынесена пастанова аб дэпартацыі альбо высылцы з Рэспублікі Беларусь.
Выязная-уязная віза выдаецца іншаземцам, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь у мэтах вучобы і атрымалі ў падраздзяленнях па грамадзянству і міграцыі ўпраўленняў унутраных спраў абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў па хадайніцтву навучальнай установы дазвол на часовае пражыванне — на тэрмін уезду-выезду, але не больш чым на 90 сутак;
Выязная-уязная шматразовая віза выдаецца іншым катэгорыям іншаземцаў, якія атрымалі ва ўстаноўленым парадку дазвол на часовае пражыванне або дазвол на сталае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь — на тэрмін да 1 года, але не больш тэрмінаў дзеяння дазволу на часовае пражыванне або віду на жыхарства.
Візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь выдаюцца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і консульскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь за мяжой, а таксама консульскім пунктам Міністэрства ўнутраных спраў у "Нацыянальным аэрапорце Мінск" (толькі па прылёце замежных грамадзян). У пунктах пропуска праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь візы не афармляюцца, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь.
Консульскі пункт МЗС "Нацыянальнага аэрапорта Мінск" працуе кругласутачна. Візы ў консульскім пункце афармляюцца, як правіла, замежнымі грамадзянамі, якія прыбываюць з дзяржаў, дзе адсутнічаюць замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь. Візы, выдадзеныя консульскім пунктам МЗС, з'яўляюцца тэрміновымі. За іх збіраецца консульскі збор у падвойным памеры.
Для атрымання візы прадстаўляюцца наступныя дакументы:
• адзін экземпляр візавай анкеты для ўезду ў Рэспубліку Беларусь; дакумент для выезду за мяжу;
• фатаграфія пашпартнага фармату;
• дакументы візавай падтрымкі;
• дадатковыя дакументы, неабходныя для прыняцця рашэння аб выдачы візы (па патрабаванні консульскай службовай асобы).
Дакумент для ўезду за мяжу, які прадстаўляецца грамадзянамі іншых краін, павінен мець чыстыя старонкі, прызначаныя для віз, тэрмін яго дзеяння, як правіла, не павінен заканчвацца раней чым праз 90 сутак з даты заканчэння дзеяння візы. За выдачу віз збіраецца консульскі збор у парадку і памерах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. За выдачу віз дзецям да 16 гадоў збіраюцца толькі фактычныя расходы, калі іншае не прадугледжана прынцыпам узаемнасці.
Для больш поўнай і дакладнай інфармацыі наведайце консульскую старонку http://www.mfa.gov.by/rus/index.php?d=consul&id=9 на сайце Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Атрыманне візы ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск"
http://www.mfa.gov.by/rus/index.php?d=consul&id=10
Страхаванне
Рэспублікай Беларусь уведзена абавязковае медыцынскае страхаванне замежных грамадзян, якія часова знаходзяцца ў нашай краіне, на выпадак аказання хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі дзяржаўнымі лячэбна-прафілактычнымі ўстановамі пры раптоўным захворванні або няшчасным выпадку.
Для гэтага ўсе замежныя грамадзяне павінны мець медыцынскае страхавое пагадненне з беларускай страхавой кампаніяй або з аўтарызаванай замежнай страхавой кампаніяй і страхавы поліс, сапраўдны на тэрыторыі Беларусі на працягу тэрміна знаходжання. Мінімальная сума страхавой адказнасці пяць тысяч долараў ЗША.
Усе кантрольна-прапускныя пункты на межах Беларусі, а таксама аэрапорты і чыгуначныя станцыі маюць аддзяленні беларускіх дзяржаўных страхавых арганізацый, дзе замежны турыст можа аформіць страхавы медыцынскі поліс.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь або арганізацыі, зарэгістраваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якія запрашаюць замежных грамадзян для наведвання Беларусі, маюць права заключаць медыцынскія страхавыя пагадненні ад асобы грамадзян, якіх запрашаюць.
Медыцынскі страхавы поліс не абавязковы для асоб, якія перасякаюць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з транзітнымі візамі, для дыпламатаў і афіцыйных дэлегацый, персаналу паветранага і чыгуначнага транспарту, грамадзян краін СНД, уладальнікаў дакументаў "Titre de Voyage", якія выдаюцца асобам без грамадзянства і бежанцам.
Тарыфы на медыцынскае страхаванне для замежных грамадзян — ад 1 долара ЗША на двухдзённае знаходжанне да 85 долараў ЗША на знаходжанне на працягу года.
Мытныя фармальнасці
Сёння на тэрыторыі Беларусі дзейнічае 50 памежных пераходаў. Беларусь мае межы з Літвой, Латвіяй, Расіяй, Украінай, Польшчай.
Правілы перамяшчэння асабістай маёмасці праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь у асноўным супадаюць з сусветнымі нормамі. Без наяўнасці адпаведнага дазволу праз мытную мяжу нельга правозіць агнястрэльную зброю, наркотыкі, атрутныя, моцнадзейныя, радыеактыўныя і выбуховыя рэчывы.
Для перавозу праз мяжу жывёл і раслін патрабуецца дазвол фітасанітарнага і ветэрынарнага кантролю.
Існуюць абмежаванні, якія тычацца колькасці рэчаў, што не абкладаюцца мытнай пошлінай. Так, без пошліны можна правезці толькі 50 кілаграм багажу на агульную суму не больш 1000 еўра (80 кілаграм і 1200 еўра для недзялімых прадметаў). Акрамя гэтага без пошліны можна ўвезці да 5 кілаграм прадуктаў (з краін СНД — да 30 кілаграм у перыяд з 1 чэрвеня па 31 кастрычніка).
Дадатковы багаж абкладаецца пошлінай у памеры 30 працэнтаў ад яго сумы, але не меней 2 еўра за 1 кілаграм. За багаж, вага якога перавышае 200 кілаграм або сума якога перавышае 10 000 еўра, збіраецца пошліна ў памеры 60 працэнтаў ад яго кошту, але не меней за 4 еўра за 1 кілаграм.
Наступныя тавары ўвозяцца з абмежаваннем:
• алкагольныя напоі — не больш 1 літра (для асоб, якія дасягнулі 18 гадоў);
• цыгарэты — не больш 200 штук або 200 грам табака (для асоб, якія дасягнулі 18 гадоў);
• ювелірныя вырабы — не больш 5 адзінак;
• прадметы адзення з натуральнага меха і/або скуры — не больш 3 адзінак;
• наручны гадзіннік — 1 штука;
Пры ўвозе згаданых тавараў з колькасным перавышэннем альбо пры неўключэнні іх у склад тавараў, якія ўвозяцца без пошліны, збіраецца пошліна ў памеры 60 працэнтаў ад сумы, але не меней 4 еўра за 1 кілаграм. За кожны літр алкагольных напіткаў звыш аднаго збіраецца пошліна ў памеры 20 еўра. У воз больш чым 5 літраў алкагольных напіткаў забаронены.
Увоз замежнай валюты ў Беларусь не абмежаваны, аднак калі вы ўвозіце суму, якая перавышае 3000 долараў ЗША, трэба запоўніць дэкларацыю (ёсць бланкі на англійскай мове). Дэкларацыя пры ўездзе будзе служыць дакументам для свабоднага вывазу сумы, якая застанецца. Пры вывазе валюты да 3000 долараў ЗША дэкларацыю запаўняць не трэба, пры вывазе сумы звыш 3000 долараў ЗША дэкларацыя запаўняецца.
Калі наяўныя грашовыя сродкі, у тым ліку ў замежнай валюце, увозяцца з мэтай выкарыстання ў якасці замежнай бязвыплатнай дапамогі, яны павінны быць задэклараваны незалежна ад сумы ўвозу.
Увоз і вываз беларускіх рублёў у суме, якая перавышае 500 базавых велічынь, забаронены.
Падрабязней: http://gtk.gov.by/ru/regulation/physical_person
Рэгістрацыя
Усе замежныя грамадзяне, якія прыехалі ў Беларусь, падлягаюць абавязковай рэгістрацыі. Замежныя турысты, якія пасяліліся ў гасцініцах, рэгіструюцца аўтаматычна. Кошт рэгістрацыі ўваходзіць у кошт пражывання. Замежныя грамадзяне, якія прыехалі па гасцявой або дзелавой візе і пражываюць на прыватных кватэрах, павінны на працягу 3 дзён зарэгістравацца ў А ВІР (аддзяленне віз і рэгістрацыі) па месцы жыхарства, дзе ім паставяць адзнаку ў пашпарце.
Час
Час у Рэспубліцы Беларусь апярэджвае сусветны на 2 гадзіны. У апошнюю нядзелю сакавіка стрэлкі гадзіннікаў пераводзяцца на адну гадзіну наперад (летні час), а ў апошнюю нядзелю кастрычніка на адну гадзіну назад (зімні час).
Грошы
На сённяшні дзень існуюць купюры наміналам ад 10 да 100000 рублёў. Манеты не знаходзяцца ў звароце.
Пункты абмену валют ёсць у кожным беларускім горадзе. Таму абмен долараў ЗША, еўра і расійскіх рублёў звычайна не выклікае цяжкасцяў (некаторыя аўтазаправачныя станцыі абслугоўваюць кліентаў за валюту: долары, еўра, расійскія рублі).
Камісійныя грошы за абмен не збіраюцца. Курс ва ўсіх абменных пунктах, незалежна ад прыналежнасці да банка, практычна аднолькавы.
Пластыкавымі карткамі VISA і EuroCard/MasterCard, Maestro можна разлічыцца ў большасці гасцініц, рэстаранаў, буйных магазінах, таксама як і ў сталічных казіно, на аўтазапраўках і гэтак далей. Аднак гэтае пытанне лепш усё ж удакладняць загадзя. Калі ж вы збіраецеся падарожнічаць па іншых гарадах і вёсках Беларусі, то лепш мець пры сабе наяўныя грошы, таму што карткі для аплаты прымаюць не ва ўсіх гарадах краіны. Карту краіны, на якой па гарадах адзначаны ўсе месцы, дзе прымаюць да аплаты пластыкавыя карткі можна знайсці на сайце www.belcard.by.
Мясцовы транспарт
У Мінску сёння ёсць усе віды сучаснага грамадскага транспарту. Самы хуткі — метро. Існуе дзве лініі метро. У гадзіны "пік" цягнікі ходзяць з перыядычнасцю ў 2-3 хвіліны. Першых пасажыраў у метро пускаюць у 5.30 раніцы, апошніх у 1.00 ночы.
Заказаць машыну таксі, як і дамовіцца загадзя пра кошт праезду можна па тэлефонах дыспетчараў службаў таксі горада 101, 107, 161, 181, 184, 152, 157. Усе яны працуюць кругласутачна. Выплата ажыццяўляецца толькі наяўнымі грошамі.
Згубленыя рэчы
Даведкі аб рэчах, згубленых у цягніках, якія прыбываюць у Мінск, або на сталічным чыгуначным вакзале можна атрымаць па тэлефоне: 225-19-45. У выпадку, калі вы забылі нешта ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", тэлефануеце па тэлефоне: 279-10-02.
Тэлефонная сувязь
З Беларусі вы можаце патэлефанаваць у любую кропку зямнога шара. Для міжнародных званкоў трэба набраць "8", затым пачакаць доўгі гудок, набраць "10" + код краіны, у якую тэлефануеце + код населенага пункта + тэлефонны нумар.
У Мінску выкарыстоўваюцца 7-значныя тэлефонныя нумары, акрамя тэлефонаў неадкладнай сувязі, даведачных і гэтак далей.
Аплата за званкі з таксафонаў ажыццяўляецца пры дапамозе спецыяльных тэлефонных картак, якія ўстаўляюцца ў тэлефонны аўтамат. Бясплатна выклікаюцца неадкладныя спецслужбы 101 (пажарная служба), 102 (міліцыя), 103 (хуткая медыцынская дапамога).
Тэлефонныя карткі ёсць у продажы ў паштовых аддзяленнях і газетных кіёсках.
Міжнародная паскораная пошта
У Мінску можна скарыстацца паслугамі міжнароднай паскоранай пошты — EMS. Гэтая служба дапамагае забяспечыць паскораную перасылку дакументаў або тавараў амаль у 190 краін свету, а пры неабходнасці — узгадніць усе мытныя фармальнасці. Тэлефон EMS Belarus у Мінску — 293-55-70.
Прыём адпраўленняў DHL у Мінску ажыццяўляецца па адрасах: пр. Пераможцаў, 5 (тэл. 289-30-68); пр. Незалежнасці, 169 (тэл. 218-13-60); вул. Брэсцкая, 18 (тэл. 278-11-08), пр. Скарыны, 10 (тэл. 227-25-33). www.dhl.by
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах сайта Belarus.by




