Голас Радзiмы
БЕЛАРУСЬ
ДЫЯСПАРА
ДЛЯ ГАСЦЕЙ

Заканадаўства


Транспарт


Культура


Спорт

 

Тэма “Анекдот. Паходжанне і моўныя асаблівасці жанру”

І. “Тэндэнцыі і навацыі”

Шмат увагі мы аддаём тэме адлюстравання светабачання, культуры народа ў мове. Яна невычарпальная і цікавая. І сённяшняя гаворка ў тым жа рэчышчы. Калі больш канкрэтна, то пра такі жанр, як анекдот, і яго асаблівасці, у тым ліку і моўныя.

Напачатку – пра гісторыю анекдота. Лічыцца, што самы архаічны правобраз апавядальнага мастацтва, у тым ліку і анекдота, – гэта міфалагічныя паданні пра першапродкаў: культурных герояў і іх дэманічна-камічных двайнікоў. Асабліва важныя прымітыўныя протаанекдатычныя цыклы пра махляроў-трукачоў, пра іх хітрыкі падчас, напрыклад, здабывання ежы. Такія персанажы папулярныя ў фальклоры абарыгенаў Паўночнай Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, у карэннага насельніцтва Сібіры.

Увогуле ж прадстаўнікі розных народаў, падтрымліваючы сувязі з іншымі, яшчэ ў далёкай старажытнасці заўважылі, што людзі розных этнасаў маюць свае асаблівасці. І адрозненні гэтыя далёка не толькі па знешніх прыкметах, але і па рысах характару, звычаях. І такая ўжо псіхалогія чалавека, што адметнасці, уласцівыя іншым народам, часта ўспрымаюцца як адхіленне ад стандарту. Гэта ж датычыцца і характэрных паводзін, і асаблівасцяў маўлення. Такім чынам, у многіх народаў здаўна склаўся жанр апавядання аб суседзях. У іх вельмі часта камічнасць ствараецца на адлюстраванні і абыгрыванні адметнасцяў маўлення прадстаўнікоў іншых этнасаў. Менавіта пра іх наша гаворка.

Французы расказваюць анекдоты пра бельгійцаў, іспанцы пра партугальцаў, фіны пра шведаў…

Цікавы ўжо сам выбар “герояў” нашых анекдотаў пра іншародцаў. Калі ў пачатку 20 стагоддзя ў рускіх, беларусаў героямі камічных сітуацый часта былі цыганы ці армяне, то ў сучасным фальклоры анекдотаў пра цыганоў вельмі мала. Анекдоты ж пра армян трансфармаваліся ў серыю пра армянскае радыё. А вось найбольш частыя героі зараз -– грузіны, чукчы, украінцы і яўрэі. Канешне, ёсць асобныя анекдоты і аб прадстаўніках іншых народаў, але ў іх, як правіла, адлюстравана адна выразная рыса. Напрыклад, эстонская стрыманасць.

Кожны з тыповых персанажаў анекдотаў пра іншародцаў характарызуецца адметнымі асаблівасцямі. Ну вось як мы можам апісаць грузіна – героя нашых анекдотаў? Гэта чалавек прыкметны, шумны, заўсёды “багата” апрануты. Больш за ўсё на свеце грузін клапоціцца пра тое, каб іншыя не падумалі, што ў яго чагосьці няма. Ён вельмі любіць пахваліцца, паказаць сваё рэальнае або ўяўнае багацце. Гэта ілюструе наступны анекдот. “Купіў грузін “Запарожац”. Раніцай прачынаецца, а “Запарожца” няма. Ён купіў яшчэ адзін “Запарожац”. Яго таксама ўкралі. Тады грузін купіў трэці “Запарожац” і прымацаваў да ветравога шкла запіску: “Хочаш катацца – катайся, але потым машыну вярні!” Лёг спаць. Прачынаецца, бачыць – “Запарожца” няма. На яго месцы стаіць “Мерседэс”, а на шкле запіска: “Хочаш катацца – катайся, але нацыю не ганьбуй”.

Грузіны ў рускіх анекдотах таксама людзі гасцінныя, любяць кампанію, застолле, тосты. Яны шчодрыя, часам нават занадта. Так у анекдоце пра тое, як грузіны, выхваляючыся адзін перад адным, павялічваюць чаявыя гардэробшчыку і перамагае той, які кажа: “Тысяча долараў – і “палта” не трэба”.

Шмат у рускіх і беларсаў анекдотаў пра украінцаў. Чаму? Хутчэй за ўсё з-за таго, што украінцы найбольш блізкія і па культуры, і па гісторыі, і па мове. Камічнасць ствараецца найчасцей менавіта па прычыне не зусім дакладнага вымаўлення па-руску з украінскім акцэнтам. Дарэчы, тое ж самае датычыць і іспанцаў, якія складаюць гісторыі пра партугальцаў, што гавораць на блізкароднаснай мове. Французы ж заўважаюць за бельгійцамі з іх пункту погляду “няправільнае” вымаўленне слоў.

Акцэнт найбольш часта імітуецца ў анекдотах пра асаблівасці рускай мовы іншародцаў. Так, грузіны пазнаюцца па вымаўленні гуку (а) ў ненаціскных складах, мяккім вымаўленні шыпячых, неадрозненні мяккіх і цвёрдых зычных. Для маўлення ўкраінцаў характэрны фрыкатыўны (г). Сюды ж адносяцца і тыповыя граматычныя памылкі, якія дапускаюць іншародцы. Падобная імітацыя ўяўляе своеасаблівую маўленчую маску. Яна сама па сабе можа стварыць камічную сітуацыю і быць аб'ектам насмешкі, як у анекдоце пра грузінскую школу. “Настаўнік пытаецца ў дзяцей: “Як называецца балшой паласаты мух?” “Ос!”-- адказваюць дзеці. “Нэправілна, -- кажа настаўнік. – Балшой паласаты мух – гэта чмэл, а ос – гэта палка, вакол якой круціцца Зямля”.

Маўленчая характарыстыка іншародцаў у анекдотах часта ўключае ў сябе схільнасць да выкарыстання пэўных часціц, якія нясуць сэнс. Для грузін гэта вымаўленае з асобай інтанацыяй пытальнае “Да?”, для чукчаў слова “ однако ”, для яўрэяў часціца –такі. Схільнасць да празмернага выкарыстання падобных моўных сродкаў можа адыгрываць вырашальную ролю ў стварэнні камічнай сітуацыі. Як у анекдоце пра грузінску і яўрэйскую кошак. “Мяу, да?” – кажа грузінская кошка, а яўрэйская адказвае: “Такі мяў!”

Вялікую цікавасць уяўляюць выпадкі, калі выкарыстанне той жа часціцы адпавядае рысам характару, што прыпісваюцца ў анекдотах пэўнай этнічнай меншасці. Так, рускае “да?” можа мець розныя функцыі: ўказваць на імкненне гаворачага праверыць, ці разумеюць яго слухачы або ці згодны яны з разважаннямі. Калі абмяркоўваюцца планы, “да?” выказвае няўпэўненую надзею на тое, што суразмоўца пагодзіцца з прапановай. Менавіта апошняму тыпу блізкае выкарыстанне “да?” у якасці маўленчай характарыстыкі грузіна ў анекдотах, калі яно суправаджае прымушэнне да дзеяння. Напрыклад, “Пазвані, да?”, “Выпі, да?”. Крыху іншую функцыю нясе “да?” у такіх канструкцыях, як “Крыўдна, да?”. У такім выпадку яно адлюстроўвае спачуванне ці просьбу аб спачуванні. Заўважаецца, што ва ўсіх выпадках выкарыстанне “да?” у анедоце выяўляе ўстаноўку грузіна на кантакт і ўзаемаразуменне з суразмоўцам. Гэта ўстаноўка падкрэсліваецца і тым, што грузіны ў анекдотах заўсёды выкарыстоўваюць зварот “на ты” нават у размове з незнаёмцам. Зварот “на вы” занадта афіцыйны і фармальны і разбураў бы стэрэатыпны вобраз грузіна. Увогуле ж у анекдотах грузінам уласціва выкарыстанне пабуджальных сказаў і рытарычных пытанняў. Звярнуцца з просьбай, даць параду, запрасіць разам падумаць над пэўным пытаннем для грузіна ў анекдотах значна больш важна, чым проста паведаміць штосьці.

Пра моўныя асаблівасці прадстаўнікоў розных нацый прадоўжым гаворку наступны раз. Вы ж, шаноўныя, калі зацікавіліся тэмай сённяшняй праграмы, можаце дасылаць цікавыя, гумарыстычныя гісторыі з жыцця , звязаныя з мовай, нам на адрас: 220807, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё, праграма “Роднае слова”. Электронны адрас -- mova-2007@tut.by. Лепшыя, на наш погляд, гісторыі будуць агучаны ў эфіры.

ІІ. «Пра што слова гаворыць?»

А зараз – зноў аб прозвішчах. Працягнем знаёміцца з тымі, што дадзены людзям па іх знешніх адметнасцях.

Думаю, не адразу кожны з нас растлумачыў бы паходжанне прозвішча Колчын. Яно ад слова колча , што значыць кульгавы, крываногі. Тая ж праблема і з Шаўлоўскім. Паводле слоўніка Уладзіміра Даля, “шавлять” – шапялявіць, картавіць.

Лягчэй тлумачацца прозвішчы Кісла, Кісленка, Кісліцын, Кіслоў. Відаць, продкі іх былі маркотныя, панылыя. Карабанаў тлумачыцца як карабаты, скрыўлены, пагнуты. А вось Ніцыеўскі, Ніцко, Ніцэнка – як скрыты, нябачны, хітры.

Што да прозвішчаў Крывянкоў, Крывіцкі, то яны, відаць, звязаны са словам “крывічы”. У аповесці Алеся Якімовіча “Пярэварацень” адзін з герояў так яго тлумачыць: гэта тыя, хто з'яўляецца родным па крыві. Некаторыя слоўнікі падаюць: крывіч – кроўны сваяк. Дасведчаныя аўтары сцвярджаюць, што назву племені “крывічы” дало ўласнае найменне родапачынальніка – Крыва, утворанае, хутчэй за ўсё, ад прыметніка “крывы”.

Храмянкоў, Храмко, Храмовіч, Хромчанка, Хромаў – вытворныя ад слова хром, назвы сорту мяккай, тонкай скуры.

Шульга, Шульжэнка, Шульжанок – прозвішчы ад назоўніка шульга, які мае значэнні ляўша, левая рука.

Лабанаў – чалавек кемлівы, разумны, здагадлівы, мудры. Прозвішча Лазьбень, хутчэй за ўсё, давалі чалавеку з вялікім ілбом.

Ламанос, Ламаносаў – забіяка, задзіра. У той жа час Ламаносаў Міхаіл Васільевіч – першы рускі вучоны з сусветным імем, паэт, заклаў аснову сучаснай рускай мовы.

Няклюдаў – гэта першапачаткова той, хто мае нязграбную фігуру. Мачульскі – няскладны чалавек. Дарэчы, мачулішча – месца, дзе мочаць лён, каноплі.

Някрасаў, Некрашэвіч. Гэтыя прозвішчы ад слова некрас – непрыгожы чалавек. Шадрын – ад шадра, што значыць прыродная воспа.

На першы погляд, зразумелае паходжанне прозвішчаў Сівы, Сівак, Сівіцкі, Сіўко, Сівуха. Аднак у іх аснове не абавязкова назва колеру валасоў. Сівухай называлі ў народзе старую дзеўку, а таксама балотную траву, самагонку. Сівун – стары хлопец.

Стрыжак, Стрыга. Магчыма, раней так называлі цырульніка, а можа і таго, хто стрыг авечак.

Не выключана, што знешняя прыкмета – цяжкае дыханне з прысвістам -- у аснове прозвішчаў Сапачоў, Сапега, Сапяжынскі, Сопат, Сопікаў.

Ад слова “круты” (памяншальнае “круцік”) утвораны прозвішчы Круты, Круцько, Крутцоў, Крут, Круцялёў, Круцік, Круцікаў. Відаць, такую мянушку атрымліваў чалавек з крутым норавам. З такім, кажуць, да трох не гавары – перапыніць, уставіць сваё слова. Круты – значыць рэзкі, жорсткі, рашучы, суровы, упарты. Вось яшчэ глеба для тлумачэння названых прозвішчаў: круты вузел не кожнаму пад сілу разблытаць; крутую часіну не ўсякі перажыве прыстойна; бываюць крута звітыя ніткі, крутое цеста. На Разаншчыне “круцік” – кафтан ці фарба. На Урале – уцёс, абрыў, скала. На Смаленшчыне – махляр, ашуканец, хітрун.

Трэба яшчэ ўлічыць, што нашы продкі верылі забабонам, баяліся “вока”, таму і давалі імёны, мянушкі, дражнілкі сваім дзецям знарок крыўдныя, смешныя і часам злосныя, каб злыя духі не прыкмецілі іх дзяцей. Гэта былі імёны-абярэгі. Такім імем, магчыма, і было напачатку Круты, Круцель, якое пазней стала прозвішчам.

Згадваем у нашай праграме мы не толькі прозвішчы, але і імёны. Ужо заўважалася, што ўласныя найменні не маюць значэнняў. Аднак адкуль з'явіліся і ад якіх слоў яны ўтварыліся, ведаць цікава.

Так, Герасім імя грэчаскага паходжання і ўзыходзіць да слова, якое мела значэнне шаноўны, ганаровы. Гаўрыла імя старажытнаяўрэскае і тлумачыцца як божы чалавек. Генадзь – ад грэчаскага высакародны. Георгій – ад грэчаскага земляроб. Давыд – імя старажытнаяўрэйскае. Тлумачыцца як любімы. Даніла – аналагічнага паходжання і тлумачыцца “бог – мой суддзя”. Дзмітрый – ад грэчаскага “які належыць багіні земляробства Дзяметры”. Таксама грэчаскае Дзяніс тлумачыцца як натхнёны.

Зараз пра некаторыя жаночыя імёны. Галіна – ад грэчаскага спакойная, лагодная, рахманая. Ганна – імя старажытнаяўрэйскае Тлумачыцца як сімпатычная, мілавідная, а таксама раскоша, любата. Жанна – запазычанае ў савецкі час у французаў у гонар Жанны д'Арк. Зося – ад грэчаскага мудрая.

ІІІ. «З гісторыі мовы»

У гэтай рубрыцы мы звычайна гартаем «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» з мэтай адшукаць штосьці самабытнае і каларытнае.

Вы ўжо пераканаліся, што цікавыя атрымліваюцца вынікі параўнання сукупнасці значэнняў таго ці іншага слова ў старабеларускай і сучаснай мовах. Сёння прадоўжым гэта свайго роду даследаванне.

Пад маю ўвагу ў “Гістарычным слоўніку” трапіў назоўнік истота . У старажытнасці ён абазначаў, па-першае, сутнасць, па-другое, дакумент, па-трэцяе, пацвярджэнне. Сёння істота – гэта жывы арганізм, чалавек або жывёліна. Ужываецца таксама і для абазначэння сукупнасці ўсіх фізічных і душэўных сіл і ўласцівасцяў чалавека. Такім чынам, “дзелавое” значэнне слова з часам страцілася.

Спынілася я таксама на слове исходище . Яго значэнне ў старабеларускай мове – месца, адкуль выцякае рака або ручай. Зараз мы карыстаемся назоўнікам выток . Старажытны ж (исходище) выйшаў з ужытку, ён найхутчэй царкоўнаславянскага паходжання. Наша ж сучасная мова фарміравалася ў канцы 18-пачатку 19 стагоддзя і не зазнала ў вялікай ступені ўплыву царкоўнаславянскай. Такім чынам, у спадчыну ад старабеларускай слова исходище не перайшло.

Ужо некалькі стагоддзяў таму нашы продкі карысталіся запазычанымі словамі калкулюватисе , калкуляторъ і калкуляцыя . Не сумняваюся, што ў вас узніклі пэўныя асацыяцыі пры іх вымаўленні. Думаю, са словам калкулятор адразу ўзгадалі прыладу для падліку. Зараз гэты назоўнік абазначае яшчэ і спецыяліста па калькуляцыі. У старажытнасці ж калькулятарам называлі толькі асобу па роду дзейнасці, рахункавода. Адпаведна старабеларускае калкулюватисе – весці рахункі, а калкуляцыя --падвядзенне рахункаў і дакумент, які складаўся пры падвядзенні рахункаў. Паводле сучаснага “Слоўніка іншамоўных слоў” калькуляцыя -- гэта вылічэнне сабекошту, пакупной і прадажнай вартасці тавару, а калькуляваць – гэта складаць, рабіць калькуляцыю.

А яшчэ своеасабліва ў старажытнасці называлі родных асобы, якая займала пэўную пасаду. Так канцелеровая – гэта жонка канцлера. Нагадаю, што канцлер у Вялікім княстве Літоўскім -- кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі, які выконваў таксама функцыі міністра ўнутраных і замежных спраў. Дачку канцлера называлі канцлерына .

Кашталян – гэта галоўны ваенны кіраўнік горада і павета ў часы ВКЛ. Адпаведна жонка кашталяна – кашталяновая , а дачка – каштелянка .

Вывучайце сваю спадчыну!

 

© 2010 Усе правы належаць рэдакцыі газеты "Голас Радзiмы"
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайту спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая. У Інтэрнэце - гіперспасылка "Голас Радзiмы"

Газета The Minsk Times   Газета СБ - Беларусь сегодня   Часопic Беларусь