Голас Радзiмы
БЕЛАРУСЬ
ДЫЯСПАРА
ДЛЯ ГАСЦЕЙ

Заканадаўства


Транспарт


Культура


Спорт

 

Тэма “Адлюстраванне ў мове міфаў пра чалавека”

І. “Тэндэнцыі і навацыі”

Сёння прадоўжу пра тое, як у нашай фразеалогіі адлюстраваліся старажытныя ўяўленні пра чалавека. Мінулы раз я разглядала ўстойлівыя адзінкі з элементамі “галава”, “вока”. Зараз гаворка пойдзе таксама пра аблічча.

Кампанентам вялікай колькасці метафар, фразеалагізмаў стала слова “нос”. Сунуць нос – так гавораць пра цікаўнага, вешаць нос – пра сумнага чалавека. Вадзіць за нос – гэта падманваць, а нос да носа – так кажуць пра людзей, якія блізка стаяць адно да аднаго.

Славяне верылі, што барада ахоўвае чалавека. І схапіць за бараду лічылася страшнай знявагай. Ёсць прыказка: барада даражэйшая за галаву. Да сёння асабліва шануецца барада ў мусульман. У іх самая сур'ёзная клятва – клянуся барадой Прарока!

Сінонімы губы і вусны мелі ва ўсходніх славян розныя значэнні і сферы выкарыстання. Вусны – толькі чалавечы орган. А губы могуць быць і органам жывёл. Слова “губы” шырока распаўсюдзілася толькі ў 16-17 стагоддзях. Таму ў фразеалагізмах найчасцей сустракаецца назоўнік “вусны”. Кажуць: з вуснаў у вусны (што значыць перадаваць навіны ад аднаго да другога), з першых вуснаў (гэта атрымаць інфармацыю непасрэдна ад сведкі падзей), зрывацца з вуснаў (калі нехта міжволі нечакана вымавіў штосьці).

Асабліва неабходна сказаць пра язык. Слова язык стала кампанентам цэлага шэрагу фразеалагізмаў з рознымі значэннямі. Часта, калі не хапае рашучасці нешта сказаць, мы адзначаем – язык не паварочваецца. Прыкусіць язык – значыць, абарваць размову. Развязаць язык – гэта гаварыць свабодна.

Цікавыя фразеалагізмы з кампанентам “рука”. Увогуле рука – гэта сімвал улады, права, сілы. Вось прычына ўзнікнення спалучэння правая рука са значэннем першы памочнік, найбліжэйшы паплечнік. Рука – сімвал багацця, гэта сродак здабычы матэрыяльных даброт, прычым часта незаконным шляхам. Адсюль фразеалагізмы грэць рукі , прыбіраць да рук , даць на лапу . Каб завалодаць рэччу, прысвоіць яе, трэба схапіць рэч рукой і так заявіць пра сваю ўласнасць. У сувязі з гэтым цікава прыгадаць слова “цяжба”. Яно звязана з тым, што ў судзе, хто спрачаўся, цягнуў да сябе прадмет спрэчкі. І той, хто асільваў, атрымоўваў гэту рэч сабе ў набытак, па-руску “стяжаніе”.

Большасць фразеалагізмаў з кампанентам “рука” маюць негатыўнае адценне значэння. Так, быць пад рукой – значыць, камусьці падпарадкоўвацца. Хадзіць па руках – мець неафіцыйнае распаўсюджанне. Рука не паднімаецца – не хапае рашучасці. З пустымі рукамі – нічога з сабой не ўзяўшы. Рукі чэшуцца – пра жаданне пабіцца. Пад гарачую руку – не кантралюючы сябе.

З дапамогай жэстаў славяне рабілі многія важныя дзеянні: напрыклад, бласлаўлялі, каяліся. Гэта замацавалася ў шэрагу фразеалагізмаў: паклаўшы руку на сэрца (значыць, шчыра), ударыць па руках (значыць, згадзіцца). Ужо простае яднанне рук – эмблема сувязі, згоды. Адсюль – рукапацісканне, жэст вітання, сяброўства. Той, хто прымае на сябе адказнасць за іншага, ручаецца.

Ногі ў язычнікаў-славян лічыліся прыналежнасцю дэманаў. Сам чорт нагу зломіць – так казалі пра захламленае месца, як левая нага хоча – гэта невядома як, устаць з левай нагі – значыць быць у дрэнным настроі. Левы бок у старажытнасці асацыіраваўся з д'яблам. Характэрна, што ўсе беларускія і рускія фразеалагізмы з кампанентам “нага” маюць негатыўную афарбоўку.

Усе чэрці ва ўяўленні нашых продкаў былі кульгавымі. У рускіх казках яны не мелі пят. У лешага ў абліччы мядзведзя нага ліпавая.

Ёсць выразы, у якіх нага прама не называецца, а выкарыстоўваюцца іншыя словы, якія з ёю звязаны. Гэта след, шлях, дарога. Фразеалагізм перайсці камусьці дарогу значыць “нашкодзіць, перакрыць шлях да дасягнення мэты”. А замесці сляды – гэта ўтаіць нешта – нарадзіў такое павер'е: падобна да завірухі, якая, замятаючы сляды падарожніка, прымушае яго блукаць на адным месцы, падмятанне ці мыццё падлогі пасля ад'езду пазбаўляе чалавека магчымасці вярнуцца.

ІІ. «Пра што слова гаворыць?»

У гэтай рубрыцы я прадоўжу гаворку пра імёны і прозвішчы.

Спачатку выканаю вашы просьбы. Паспрабую растлумачыць, безумоўна, абапіраючыся на аўтарытэтныя крыніцы, прозвішчы Бакун, Наскоўская, Парамонава, Фралова, Бакашаў, Мікачова, Кецко, Марачкін, Матвейчык і іншыя. Вось якія даныя пра іх удалося адшукаць.

Бакун – ад мянушкі Бакула (ці Бакуня). Так называлі праныру, гаваруна. А яшчэ магчыма, што Бакун – ад імя Авакум.

Наскоўскі, Наскоўская. Гэта прозвішча не абавязкова паходзіць ад наймення кароткай панчохі. Справа ў тым, што ў дакументах прозвішча Наскоў сустракаецца ў 15-16 стагоддзях, калі наскоў яшчэ не было. Аднак існавала мянушка ці свецкае імя Носка. Магчыма, ад яго пайшлі названыя прозвішчы. Да таго ж, насок – гэта памяншальнае ад “нос”. Рабы, кароткі ці , наадварот, доўгі, кірпаты, арліны – словам, нейкі асаблівы нос стаў асновай для мянушкі і прозвішча.

Парамонаў, Парамонава – ад хрысцільнага імя Парамон. Яно тлумачыцца як надзейны, верны.

Фралоў – адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў. Яно паходзіць ад хрысцільнага імя Флор. Флор – ад лацінскага кветка. Гэта імя, у народзе скажонае ў вымаўленні, прыняло форму Фрол.

Бакашаў. Верагодна, у аснове гэтага прозвішча адаптаваныя на славянскай глебе імёны Бакай, Бакей, якія ўзыходзяць да ўласнага мужчынскага імя Бакый арабскага паходжання. Перакладаецца яно як цвёрды, пастаянны, вечны. Як і многія іншыя цюркскія імёны, Бакай, Бакей сустракаліся ў славян. Вядомы дваранскі род Бакаевых, фамільны герб якіх з'яўляецца пераканаўчай ілюстрацыяй усходняга паходжання. Нельга выключыць пры тлумачэнні прозвішча Бакашаў і версіі рускага паходжання – ад дыялектнага слова бАкаць, што значыць балбатаць.

Мікачоў – магчыма, ад кананічнага асабовага імя Мікіта. Формы Мікаш, Мікеш, Мікеша, Мікіш маглі ўзыходзіць і да іншых хрысціянскіх іменаў. Напрыклад, Мікалай, Міканор.

Кецко – верагодна, ад дыялектнага беларускага кЕца, што значыць няўмека. Або ад кЕцаць ці пэцкаць. Ёсць яшчэ назоўнік кЕцка. Гэта торбачка. Ці кЕса – гэта машна на грошы. А кЕска абазначае кашалёк.

Далей павяду гаворку аб прозвішчах, што ўтварыліся ад назваў прафесій, а значыць, пра Кавалёвых, Кузняцовых, Рудніцкіх. З чым жа звязаны іх карані? Няйначай як з жалезным векам у нашай гісторыі, пачатак якога выпадае на 7-6-е стагоддзі да нашай эры. Першымі асвоілі жалеза на беларускіх землях славянскія плямёны, якія жылі ў рэчыцкім Прыдняпроўі, на тэрыторыі сённяшняй вёскі Мілаград. Продкі беларусаў актыўна асвойвалі выплаўку жалеза. Найперш з'явілася прафесія рудакопа. Тыя, хто здабываў руду балотную, хто яе перапрацоўваў у жалеза, рудзянелі ад руды і адпаведна мелі пэўныя мянушкі, якія пазней ператварыліся ў прозвішчы. Сярод іх – Рудак, Рудакоўскі, Рудэнка.

Аднак трэба мець на ўвазе і тое, што ў старажытнасці нашы продкі рудою называлі кроў. Казалі: “Разбіў нос да руды”. Так што Рудым маглі клікаць і чалавека, які меў чырванавата-рыжы твар. Тут, відаць, можна шукаць разгадку прозвішчаў Рыжанкоў, Рыжко, Рыжэўскі.

Сапліцкім маглі назваць таго, хто пра соплы ўдзьмухваў у печ “сырое” паветра.

На першы погляд, тлумачэнне прозвішчаў Кавалёў, Кузняцоў не выклікае цяжкасцяў. Аднак трэба мець на ўвазе, што “каваць” можа і зязюля, а “каваль” у палескіх гаворках – вялікі кавалак сала.

А вось хто першым быў у славян: бондар ці каваль? Найхутчэй бондар. Бо беларусы спрабвеку жылі сярод дзікай прыроды, у акружэнні лясоў. А драўніна і ёсць рабочы матэрыял для бондара. Аднак для таго каб зрабіць бочку, дзежку, цэбар, трэба спілаваць ці ссекчы дрэва, настругаць з яго клёпак. Патрэбны і востры, з жалеза інструмент, які рабіў каваль. Атрымліваецца, гадаць, хто з'явіўся першым, няма сэнсу. Прызнаем як ісціну, што каваль і бондар – галоўныя прафесіі нашых продкаў. Яны звычайна былі самавучкамі-самародкамі. З'яўляліся па прынцыпе: возьме голад – праявіцца і голас.

Хочацца ўзгадаць некаторыя павер'і, звязаныя з хатнім начыннем. Лічылася, што ў кожнай гаспадыні павінна быць свая дзяжа з дубу ці з клёну для выпечкі хлеба. Нельга пазычаць, бо сапсуецца. Гэта грэх, і ніхто не пазычаў. А калі выдавалі замуж, нявесту садзілі на дзяжу, каб была добрай гаспадыняй.

Умелі ўсё рабіць і бондары. Увесь драўляны посуд, што быў патрэбны для чалавека і жывёлы, майстраваліся іх рукамі. І прафесія гэта нарадзіла мносттва прозвішчаў. Сярод іх – Бондар, Бондараў, Бандарэнка, Бандарчук, Бандаровіч.

У беларускіх пісьмовых помніках Бондары, Бандоркі ўпамінаюцца ўжо пачынаючы з 16 стагоддзя. Калі ўлічыць, што бондара часам называлі бачаром, то ў гэта сямейства можна дадаць і прозвішчы Бачкароў, Бочкаў, Бачура.

Бондары былі майстрамі на ўсе рукі. Яны маглі быць і цеслярамі, і сталярамі, і дойлідамі. І зараз распаўсюджаныя прозвішчы Плотнікаў, Сталяроў, Дайлід. Да гэтай жа кампаніі можна аднесці Найманаў, Шабашкіных, Пільчанкаў, Майстровічаў.

Хлеб кажа: “Кінь стрэльбу і вуду, тады і я ў цябе на стале буду”. Не выключана, што гэту прымаўку прыдумалі бондары, бо мелі хлебную прафесію. Яны, іх сем'і заўсёды былі з хлебам. Мабыць, нездарма ў старабеларускай мове ўжывалася слова “бонда”, што абазначала маёмасць, грошы, збожжа.

Зараз крыху пра імёны.

Яшчэ нядаўна была мода, ды і зараз такая тэндэнцыя працягваецца, называць дзяцей у гонар любімых герояў кінастужак, вядомых дзеячаў. Лічыцца, што гэта рабіць непажадана. Не кожнае дзіця можа адпавядаць такому імені. Так, напрыклад, у сям'і простых служачых з прозвішчам Талстой нарадзіўся сын і ў гонар пісьменніка атрымаў імя Леў. У школе хлопчык сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасцямі – вучыўся ён пасрэдна, а літаратура і руская мова не даваліся яму зусім. Вось ён і стаў аб'ектам насмешак – дзеці часта бываюць жорсткімі з-за дрэннага выхавання, адсутнасці вопыту і ведаў, а таксама жадання вылучыцца сярод сваіх аднагодкаў. Маленькі Леў замкнуўся, не хацеў хадзіць у школу. Спатрэбілася парада псіхолага, каб дапамагчы дзіцяці з усім гэтым справіцца.

Людзі заўсёды надавалі вялікае значэнне таму, што абазначае імя. Валерый – бадзёры, моцны; Барыс – слаўны ў барацьбе; Мікалай – пераможца; Яўген – высакародны. Але на нашу падсвядомасць больш дзейнічае гукавая гама, “музыка імя”. Значыць, расшыфроўка імён, многія з якіх іншамоўнага паходжання, не ўдзельнічае ні ў фарміраванні асобы, ні ва ўсталяванні адносін з навакольнымі. А многія і не ведаюць канкрэтнага значэння імя ці не ўспрымаюць яго ўсур'ёз. Некаторыя людзі па характары сапраўды адпавядаюць свайму імені. І ўсё ж многія імёны не стасуюцца па значэнні з іх носьбітамі. Напрыклад, Георгій – земляроб, Дзмітрый – увасабленне плоднасці. У жыцці людзі з гэтымі імёнамі звычайна вельмі далёкія ад праблем зямлі, затое ў бізнесе дабіваюцца вялікіх поспехаў. Клаўдзія -– кульгавая, Ларыса – чайка, Маргарыта – жамчужына. Значэнні гэтых імён увогуле далёкія ад характарыстык тых, хто іх носіць.

ІІІ. «З гісторыі мовы»

Халодным асеннім ранкам, калі так не хочацца выходзіць з дому, аднак трэба , калі апаноўваюць сумныя думкі, што лепей дапаможа, як не кубачак кавы?! І сёння я раскажу вам крышку пра гісторыю назваў некаторых відаў кавы, запазычаных беларускай мовай, але ўжо такіх звычайных для нас, тым не менш, не зафіксаваных яшчэ ў слоўніках.

Напоем горада – рытму жыцця, якое кіпіць, ніколі не стаіць на месцы, называюць каву эспрэса. Яе п'юць звычайна, каб падбадзёрыцца, расправіць, так бы мовіць, крылы. У той жа час кубачак эспрэса на імгненне нібы спыняе ход часу, становіцца прыемнай і водарнай паузай.

Эспрэса – італьянскае слова і італьянскае паняцце. Яго першапачатковае значэнне – “выціснуты, спрасаваны”. Пасля таго як міланскі інжынер Луіджы Беццэра вынайшаў кофе-машыну ў 1901 годзе эспрэса стала абазначаць “моцную каву, спрасаваную пад высокім ціскам ў спецыяльных машынах з рычагом”. Цікава, што першая кофе-машина была цалкам механічнай: чалавек апускаў рукой рычаг, каб стварыць патрэбны ціск. Лічыцца, што менавіта з гэтай машынай звязана ўзнікненне кавы-эспрэса. Пасля механічных з'явіліся і аўтаматычныя кофе-машыны, у якіх патрэбны ціск дасягаецца шляхам моцнага напору вады.

Капучына – таксама слова італьянскага паходжання. Мае значэнне “кава з малаком, аднак не простым, а ўзбітым у гарачую густую пену”. Думаю, цікава будзе вам паслухаць пра гісторыю ўзнікнення як назвы, так і самога віду.

Капучына з'явілася ў сонечнай Італіі. Ужо амаль ніхто не аспрэчвае, што яго вынайшлі манахі- капуцыны аднаго з манастыроў на поўнач ад Рыма. (Адчуваеце блізкасць па гучанні назваў напою і прадстаўнікоў каталіцкага манаскага ордэна?) У адрозненне ад жыхароў “старой добрай Англіі”, манахі пілі каву толькі з малаком. Часта манахі заўважалі, што пры ўліванні малака атрымліваецца даволі стойкая пена, прыемная на смак. Манахі-капуцыны, як і ўсе аскеты, былі пазбаўлены многіх зямных радасцяў. Таму атрымліваць задавальненне ад кавы – гэта перш за ўсё атрымліваць задавальненне. Для таго каб узнікла пена, каву з малаком пачалі ўзбіваць. Атрымлівалася даволі добра, але пена была нястойкая, і хацелася нечага незвычайнага – альпійскіх снягоў над грэшнай зямлёй. Тут і ўспомнілі пра каву з узбітымі вяршкамі. Але кава была гарачая, а вяршкі – халодныя. Манахі-капуцыны клапаціліся пра свае зубы і не шукалі лёгкіх шляхоў. Яны пачалі награваць узбітыя вяршкі на пары. А затым навучыліся ўзбіваць гарачыя малако і вяршкі механічнымі прыстасаваннямі. Так працягвалася даволі доўга. Легенды пра цудоўны напой разнесліся па ўсёй Італіі. Змяніў тэхналогію яго прыгатавання механік-самавучка Джузэпэ, які жыў непадалёк ад манастыра. Ён зрабіў першую машынку для прыгатавання капучына.

Вывучайце сваю спадчыну!

 

© 2010 Усе правы належаць рэдакцыі газеты "Голас Радзiмы"
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайту спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая. У Інтэрнэце - гіперспасылка "Голас Радзiмы"

Газета The Minsk Times   Газета СБ - Беларусь сегодня   Часопic Беларусь