Тэма “Адлюстраванне ў мове міфаў пра Зямлю і Паветра”
І. “Тэндэнцыі і навацыі”
У мове адлюстроўваецца жыццё чалавека, яго ўяўленні пра свет. Сёння хачу засяродзіць вашу ўвагу на славянскіх міфах аб паходжанні Сусвету і расказаць пра іх адгалоскі ў сучаснай мове.
Гаворку павяду аб міфах пра Зямлю. Уяўленне пра Зямлю змянялася на працягу стагоддзяў. У свядомасці старажытных славян зямля – жывая істота, травы і лес – яе валасы, скалы і камяні – яе косці, рэкі і моры – кроў, а суша – цела зямлі. З аднаго боку, Зямля – сімвал смерці. Гэтым тлумачацца фразеалагізмы “пайсці ў зямлю”, “аддаць зямлі”, “карміць зямлю”, “скрозь зямлю праваліцца”, “зраўняць з зямлёй”, а таксама абрад славян – горстка зямлі на магілу. Выпраўляючыся на чужыну, на вайну, рускія і беларусы бралі з сабой жменьку роднай зямлі на той выпадак, калі прыдзецца памерці ўдалечыні ад родных мясцін. Ёсць павер'е, што вялікіх грэшнікаў зямля не прымае. З павер'ем звязаны фразеалагізмы, звернутыя да мёртвага – напрыклад, “зямля пухам”, фразеалагізмы-пракляцці – “каб зямля не насіла”, “зямля колам”.
З іншага боку, ёсць міфалагема “зямля-прамаці”. Галоўная ўласцівасць зямлі, якая мела для старажытнага чалавека першаступеннае значэнне, – гэта ўрадлівасць. З'яўленне з мёртвай глебы жывых парасткаў здавалася загадкай, нечым звышнатуральным. Менавіта з гэтым звязана пазітыўнае значэнне фразеалагізмаў “зямля запаветная”, “сядзець на зямлі”, “рай зямны”.
Адносіны славян да зямлі як да маці-карміцелькі замацаваліся ў наступных устойлівых выразах: “улада зямлі”, “пуп зямлі”, “соль зямлі”. У Аляксея Талстога сустракаем “мать сыра земля”, у Цёткі – “зямля-маці прытуліць спрацаваныя косці”.
Самая страшная клятва для беларуса, паводле назіранняў вядомага этнографа Адама Ягоравіча Багдановіча, – гэта клятва, што вымаўлена з зямлёй у роце або ў руках. Гэта ўскосна адлюстравалася ў значэннях фразеалагізмаў “зямлю грызці”, “нюхаць зямлю”.
Пра п'янага чалавека беларусы кажуць “як зямля”, пра сквапнага – “зямля ненаедная”, пра стомленага працай – “зямлі не чуе пад сабой”, пра таго, хто згубіў упэўненасць – “зямля ўцякае з-пад ног”. Фразеалагізмы з элементам “зямля” ўжываюцца і для пазітыўнай характарыстыкі чалавека. Напрыклад, аб празорлівым кажуць: “бачыць на тры сажні ў зямлю”.
Паветра таксама характарызуецца і з пазітыўнага, і з негатыўнага боку. Ёсць устойлівыя выразы “ўзляцець на паветра” (так кажуць пра разбурэнне), “лунаць у паветры” або “насіцца ў паветры” (гэта пра зараджэнне, напрыклад, якой-небудзь ідэі).
Вецер, як лічылася ў старажытных народаў, у прыватнасці, у Егіпце і Грэцыі, валодае злой сілай. Гэта адлюстравалася ў такіх выразах, як “вецер у галаве гуляе” (так гавораць пра легкадумнага чалавека), “вецер у кішэнях” (гэта пра беднага), “на вецер” (гэта ўпустую), “з ветру” (так могуць сказаць пра чужога чалавека). Усе гэтыя ўстойлівыя адзінкі абазначаюць негатыўныя з'явы, уласцівасці, станы.
Цікавы выраз “кідаць словы на вецер”, які значыць гаварыць упустую. У яго аснове міф пра тое, што праз вецер з дапамогай чар можна насылаць хваробы.
Прадоўжым пра адлюстраванне міфаў у мове наступны раз.
ІІ. «Пра што слова гаворыць?»
У гэтай рубрыцы працягваем гаворку аб прозвішчах і імёнах.
Сацыёлагі сцвярджаюць, што людзі, чыё прозвішча пачынаецца з літары першай паловы алфавіта, больш шчаслівыя. Тых, хто знаходзіцца ўверсе спіса ў школьным журнале або пераліку студэнтаў часцей выклікаюць да дошкі. Такім чынам, у навучэнца павышаецца стрэсаўстойлівасць, самаацэнка, ён прывыкае да таго, што знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, і больш спакойна пераносіць няўдачы. Заўважце, што прозвішчы найбагатых людзей свету – Біл Гейтс, Уорэн Бафет, Карл Альбрэхт. Вось вам пацвярджэнне правіла, як і імёны лідэраў краін “вялікай васьмёркі”.
У той жа час, выявілі англійскія ўрачы, пацыенты, чые прозвішчы пачынаюцца з літар апошняй трэці алфавіта, утрая часцей за астатніх пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Магчыма, гэта і так, аднак, безумоўна, у рэальнасці ў асноўным усё залежыць ад самога чалавека, яго ладу жыцця, выхавання, характару. Дарэчы, у старажытнасці людзей вельмі часта называлі па знешніх прыкметах, рысах характару. І сёння сярод нашых суайчыннікаў ёсць, напрыклад, Матлаховы Матлашы. Для сучасніка гэтыя прозвішчы непразрыстыя і іх тлумачэнне выклікае цяжкасці. Таму падказваю, што матлашом раней называлі неўраўнаважанага, ветранага, несур'ёзнага чалавека. А мотлух – гэта рыззё, рвань.
Марчанка, Марчанкаў, Марчык, Марчук – ад дзеяслова марчыць, што значыць мучыць тугою, марнаваць, марнатравіць. А вось Няміра, Неміроўскі – задзіра, не можа мірна жыць. Пяшкун – бясконны бядак. А можа, яго продак хадзіў з жабрацкай торбай ад вёскі да вёскі.
Зразумелае паходжанне прозвішчаў Разумаў, Скорыкаў, Скакун, Сувораў. (Суворы – гэта суровы, злосны).
Цікавае прозвішча Тындык. Так раней называлі неахайнага чалавека. Тубальцаў – першапачаткоова прайдзісвет, праныра.
Хадыка, Ходзька Пераходзька, Хадановіч – магчыма, ад слова хадак – гэта чаравік, або пасыльны, ганец, або пешаход, хадатай па справах. Ходар, Хадарэнка, Хадаровіч – верагодна, ад назоўніка ходыр, што значыць надуты, важны.
Прозвішча Цуранкоў можа быць звязана з дзеясловам цурацца. Гэта азначае адракацца, выракацца чагосьці. Продак Швыдкова быў шустры, хуткі. Шаціла, Шаталаў, Шатонаў, Шатуноў… Верагодна, так называлі раней блукачоў, бадзяг. Шавырын, Шавыра – лазіць, дзе не трэба, пераварочвае ўсё. Шаламіцкі, Шэмет, Шамяткоў. Іх продкі былі мітуслівыя. А Шыбіцкі можна патлумачыць як шыбкі, хуткі.
Шупан, Шупік, Шупенька – той, хто шупіць, гэта значыць, кеміць, разумее. Шабуневіч – жартаўнік, весялун. А вось Яркоў – вогненны, гарачы, поўны сіл.
Зараз сёе-тое пра імёны .
Кажуць, што імя – пасрэднік паміж матэрыяльным і духоўным светам. І наданне яго – справа выключнай важнасці. Многія даследчыкі гавораць пра сувязь імя дзіцяці з продкамі. Гэты “генетычны код” істотна ўплывае на лёс чалавека. Таму з асцярожнасцю трэба называць дзіця ў гонар бабулі, дзядулі, прабабулі, прадзядулі. Імя памерлага, жыццё якога, магчыма, было нялёгкае, можа змадэляваць падобны жыццёвы сцэнарый малыша. Таксама не рэкамендуецца называць дзіця адным імем з маці, бацькам ці іншым жывым сваяком. Бо ў малыша і таго чалавека, у гонар якога яго называюць, адзін анёл-ахоўнік на дваіх. І яму прыходзіцца “разрывацца” паміж двума сваякамі. Аднак выйсце з такой сітуацыі ёсць. Яно ў тым, каб у сям'і называць дзіця як-небудзь інакш. Напрыклад, не Ленай, а Алёнай, не Вовам, а Валодзем.
Украінскі пісьменнік прафесар Барыс Хігір, які ўжо 30 гадоў даследуе тайны імені, склаў своеасаблівую энцыклапедыю мужчынскіх і жаночых імёнаў. Там раскрываюцца характэрныя асаблівасці іх уладальнікаў. Згодна з яго тэорыяй, людзі, народжаныя зімой, незалежна ад імя рашучыя і ўпартыя. “Летнія” ж – памяркоўныя і хітрыя. Народжаныя восенню – слабавольныя і падатлівыя. “Вясеннія” – легкадумныя і зменлівыя. Акрамя таго, у кожнага імені ёсць свой сацыяльны вобраз, сфарміраваны славутымі цёзкамі, пра жыццё якіх нам вядома з гістарычных раманаў і падручнікаў. І падсвядома мы шукаем у іх рысы, уласцівыя ці пажаданыя для нас. Дзякуючы гэтаму мы нібыта атрымліваем падтрымку з космасу.
Такім чынам, у сучасных Нічыпарах мы хочам бачыць перамаганосцаў. Бо ад грэчаскага Нічыпар – той, хто нясе перамогу. Павел жа – ад лацінскага малы, невялікі. Піліп – ад грэчаскага той, хто любіць коней. А Пётр – камень, цвёрды. Раман – ад лацінскага рымлянін. Рыгор – імя грэчаскага паходжання. Тлумачыцца як той, хто не спіць, не дрэмле.
Жаночае імя Мая, відаць, ад назвы аднайменнага месяца. Грэчаскае Маргарыта тлумачыцца як жамчужына. Марыяна – лацінскае імя. Узнікла ў выніку зліцця Марыя і Ганна. Марына -- ад лацінскага марская. Мар'я – старажытнаяўрэйскае імя. Тлумачыцца як горкая, любімая Богам. Марфа – з арамейскай мовы гаспадыня, настаўніца. А Матруна – ад лацінскага знатная, вядомая жанчына.
У гэтай рубрыцы мы распавядаем і пра цікавыя выпадкі , звязаныя з імёнамі і прозвішчамі, якія здараюцца з нашымі сучаснікамі. Вось чарговая гісторыя.
Змена імя, на думку псіхолагаў, прыводзіць да разрыву з мінулым і абазначае пачатак руху ў новым накірунку. Не выпадкова падчас пострыгу ў манахі людзям даюць новыя імёны. А часта ўмовай прадзюсэра з'яўляецца гучны псеўданім для спевака-дэбютанта.
Размова пойдзе пра лёс дзяўчыны, якая змяніла імя. Зараз ёй, Соні Ермачонак, 19 гадоў. Яна вельмі добра выглядае, займаецца дызайнам, вандруе і карыстаецца папулярнасцю ў прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. А яшчэ 3 гады таму будучыня ўяўлялася ёй у самых змрочных фарбах. Урачы паставілі страшны дыягназ, ніякія лекі не дапамагалі. Маці дзяўчыны вырашыла, што дачцэ трэба змяніць імя. І хутка Соня стала папраўляцца. Сама дзяўчына гаворыць, што яе папярэдняе імя Аляксандра ёй не вельмі падабалася. Абмеркаваўшы з роднымі ўсе магчымыя варыянты яна спынілася на Соф'і. Праз нейкі час на руках было новае пасведчанне аб нараджэнні – і дзяўчына адразу адчула змены. Хвароба адступіла, пачало наладжвацца асабістае жыццё. Новае імя хутка прыжылося ў сям'і, але настаўнікі і аднакласнікі прынялі яго не адразу.
Чаму так змянілася жыццё: дзякуючы новаму імені або абставінам – сказаць у гэтым выпадку цяжка. Царква ж не рэкамендуе мяняць імя, сцвярджаючы: калі штосьці не складваецца, неабходна мяняць лад жыцця .
Безумоўна, разважаць і прыводзіць прыкладаў можна безліч. На маю думку, імя ўсё ж такі павінна падыходзіць і падабацца носьбіту. Таму да выбару яго для дзіцяці неабходна падыходзіць сур'ёзна, аднак і не ўпадаць у крайнасці.
Калі вы, шаноўныя, былі сведкамі ці самі траплялі ў сітуацыі, звязаныя з імем або прозвішчам, мы з нецярпеннем чакаем вашых лістоў. Наш адрас: 220807, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё, праграма «Роднае слова». Можна дасылаць пісьмы і па электроннай пошце. Адрас такі: mova-2007@tut.by.
ІІІ. «З гісторыі мовы»
Зараз восень – самая, так бы мовіць, багатая пара. Прырода адорвае руплівага гаспадара за плённую працу добрым ураджаем, а таксама радуе грыбамі і ягадамі ў лесе.
І сёння дарэчы звярнуцца да гісторыі беларускіх назваў ягад.
Усім нам знаёмыя гаркаваты смак і калючыя зараснікі ажыны . Гэтыя ягады вабяць да сябе, але збіраць іх нялёгка.
Назва ажына ўсходнеславянская. У рускай мове ёсць для абазначэння гэтых ягад як слова ежевика, так і ожина . Ва ўкраінскай мове таксама існуе аналагічнае найменне. Паходжанне ж назоўніка ажына звязваюць са словам вожык , ва ўкраінскай мове ожь . Такім чынам, відаць, з-за калючак ажына – вожыкава ягада .
Усходнія славяне яе яшчэ называюць куманікай ці каманіцай . Слова ўзыходзіць да старажытнага назоўніка kamonь са значэннем “конь”. Значыць, куманіка – і конская ягада.
Звычайна ў пачатку восені збіраюць буякі . Паходжанне назвы гэтых ягад не зусім яснае. Некаторыя спецыялісты тлумачаць слова буякі дзеясловам буяць са значэннем “буйна расці”. Аднак хутчэй за ўсё трэба зыходзіць з беларускага дзеяслова буяць са значэннем “буяніць, шалець”. Вядома, што ягады буякоў выклікаюць ап'яненне, боль галавы.
Гэта расліна мае шмат найменняў. Украінцы называюць ягады буяк , болиголов , дурнопьян , пияки . У нас іх клічуць п'яніца , галаваболь , дурніцы . А яшчэ бугаі, буйніцы , што ад прыметніка буйны , значыць, вялікі. Такая назва была дадзена, відаць, для адрознення гэтай ягады ад падобнай, але меншай па памеры чарніцы.
Зараз на рынках прадаюць і брусніцы . Ёсць гэта слова ў многіх славянскіх мовах. Славянскі корань brus - звязаны па паходжанні (не здзіўляйцеся) з назоўнікам брус у значэнні “тачыльны камень”, а яшчэ са старажытным дзеясловам brusiti , што значыць “тачыць, гладзіць” . Тлумачыцца такая паралель тым, што ягады брусніцы лёгка зрываць, збіраць іх – нібыта гладзіць . Аднак ёсць у беларускай мове і дзеяслоў бруснець , які мае значэнне “чырванець, загараць”. Магчыма, назва ягады звязана з гэтым словам.
Увосень на маркотных, шэрых балотах на купінах з'яўляюцца чырвоныя пацерачкі журавін . Называюць гэтыя ягады таксама жураўліны . І менавіта гэта найменне найбольш яскрава ўказвае на паходжанне. Тлумачыцца назва ягад тым, што на імшыстых балотах, дзе яны растуць, водзяцца журавы. І атрымліваецца, што журавіны – ягады журавоў.
Цікава, што ў некаторых славянскіх мовах слова журавіна абазначала таксама шчаўе. І гэта ўказвае на разуменне назвы ягады ў сувязі са смакам. У чэшскай мове журавіна – едкі матэрыял.
Я расказала вам пра назвы ягад, якія звычайна збіраюць увосень. Аднак не магу абмінуць увагай усімі любімыя маліны . Тым больш што з імі звязаны пэўны парадокс. Слова маліны існавала яшчэ ў праславянскай мове. І першаснае яго значэнне, як гэта ні дзіўна, – чарніцы. Даказваецца гэта тым, што ў розных мовах, напрыклад, латвійскай, літоўскай, старажытнагрэчаскай, аналагічнае слова мела значэнні “чорны, сіні, блакітны”. Паходжанне назоўніка маліны звязваюць з праславянскай асновай malъ са значэннем “малы”, бо ягада маліна складаецца з дробных частачак.
Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч.
Вывучайце сваю спадчыну!




