Голас Радзiмы
БЕЛАРУСЬ
ДЫЯСПАРА
ДЛЯ ГАСЦЕЙ

Заканадаўства


Транспарт


Культура


Спорт

 

“Музычная скарбонка”

У гэтай рубрыцы сабраны як вядомыя беларускія народныя песні, так і песні сучасных аўтараў. Акрамя таго, разам з тэкстамі змешчаны і ноты. Такім чынам, можна не толькі спяваць любімыя песні, але і музіцыраваць.

Спявайце і атрымлівайце асалоду!

ЖУРАЎКА

З рэпертуару заслужанага ансамбля беларускай песні “Церніца”

1.
Ой, жураўка, жураўка,
Ой, жураўка, жураўка,
Ой, жураўка, жураўка,
Што крычыш ты шчэй зранка?

2.
Ой, як жа мне не крычаць,
Трэба высока лятаць,
Ой, высока, высока,
Ад радзімы далёка.

3.
Адбілася ад роду,
Нібы камень у ваду,
Упаў камень ды ляжыць,
На чужбіне гора жыць.

4.
Пахавае чужына,
Знаць не будзе радзіма,
Пахавае чужына,
Знаць не будзе радзіма.

 

КУПАЛА НА ЙВАНА

Беларуская народная песня


А на Йвана ў вароціках,
Купала на Йвана.
Купала на Йвана,
Пара коней запражоных,
Купала на Йвана.
Купала на Йвана,
Толькі сесці, паехаці,
Купала на Йвана.
Купала на Йвана,
За рэчаньку, па дзеваньку,
Купала на Йвана.
Купала на Йвана,
Дзеўку вязуць, музыкі граюць,
Купала на Йвана.

 

АЙ, ЛЯТАЛА СІЗА ПАВУШКА

Беларуская народная песня

Ай, лятала сіза павушка
Ў зялёным саду
I раняла сізы пёрушкі
Ў шаўкову траву.
Мне не жалка сізы пёрушкі
Ў шаўковай траве,
А мне жалка сястрычушкі
Ў чужой старане.
Сядзіць яна пад акошачкам,
Як розавы цвет. Плача яна сізёшэнька,
Што радзінкі нет.
Падуй, павей, буен вецер,
Ў маёй старане.
Прыдуй, прывей, буен вецер,
Радзінку ка мне.

 

ВЕТЭРАНЫ


Еўропы геаграфію прайшлі –
Па рэках, гарадах, што вы ўзялі.
І сёння немаўляты цягнуць ручкі –
Перабіраюць вашы медалі.

Прыпеў:
З аднога боку свет вясною ўбраны,
Дыханне разняволеных палёў...
Ізраненыя сэрцы ветэранаў
З другога боку гэтых медалёў.
Даўгі мы вам яшчэ не аддалі.
Апошні час ваш, Божа, аддалі.
Вы як даўжэй жывіце, ветэраны,
Хай звоняць, граюць вашы медалі.

 

РОДНАЯ МОВА

Словы Н.Гілевіча Музыка Н.Сакаловай

Мова родная мая ты,
Што і дзедавай была!
Мова мамы, мова таты,
Мова нашага сяла!
Мова мамы, мова таты,
Мова нашага сяла!
Ты звініш, як я у ранку
Чую песні за акном,
І журчыш, як баіць байку
Мне бабуля перад сном.
І журчыш, як баіць байку
Мне бабуля перад сном.
Разгарну буквар вясёлы —
Зноў са мной гаворыш ты,
Мілагучная заўсёды,
Як званочак залаты.

 

МАЦІ БЕЛАРУСЬ

Ці аблокі плывуць з дзьмухаўцамі ўгары,
Ці шапочуць дажджы, ці дудараць вятры,
Кожны час, кожны міг да
бясконцай пары
Ты мне сонцам гарыш, край бацькоўскі святы.

Прыпеў:
Не знайду на свеце анідзе я
Самых моцных крылаў за плячыма,
Ты мая апора і надзея,
Маці Беларусь — мая Айчына.
Жаўрукамі звіняць мары заўтрашніх дзён,
Над дзяцінствам маім, над маёй галавой,
Каб зышоў у нябыт чарнабыльны праклён,
Каб квітнела зямля зноўку чыстай травой.

 

БЕРАГ БЕЛЫХ БУСЛОЎ

З-пад высокіх аблокаў далёка
Над абшарамі ў матчыны сны
Зноўку чуецца радасны клёкат
Вяшчуноў першароднай вясны.

Прыпеў:
Акіянам нябёс у птушыным хаўрусе
На радзіму бацькоў вольны вырай плыве:
Бераг белых буслоў — родны дах Беларусі —
Ён з вандровак дамоў сваім cэрцам заве.
Не даюць ані зоркі, ні сонца
Здрадзіць шляху адвечнаму іх,
Каб, аддаўшы апошнія моцы,
Зноў вяртацца да гнёздаў сваіх.

 

КАЛЫХАНКА ДЛЯ СЫНА

Словы Станіслава Валодзькі, музыка Міколы Яцкова.

Спі-засні, сыночак,
Мілы мой званочак.
Чуеш, травы-дрэвы
Шэпчуць: “Добрай ночы!”
Прыпеў:
Хай табе радзіма
Будзе роднай маці.
Спі, маё дзіцятка —
Беларусянятка.
Сочаць неба вочы —
Дасць Бог — не сурочаць,
А табе, мой хлопчык,
Шчасця напрарочаць.
Прыпеў.
І ваўчок ніколі
Укусіць не прыйдзе.
Дасць Бог — знойдзеш долю —
Што ніхто не скрыўдзіць…
Прыпеў.

 

СПЕЎНІК

У 1929 годзе Рыгор Шырма запісаў у Вільні ад мастака Язэпа Драздовіча купальскую песню, якую нядаўна натаваў выкладчык Дзяржаўнага педуніверсітэта імя М.Танка Іван Кірчук.

Ой, пойдзем, сястрыцы, пад ясну зарніцу.
Ноч малая, ды купальная! (паўтараецца пасля кожнага радка)
Набяром, сястрыцы, жоўтага пясочку.
Іграй, сонца, і з зарою!
Пасыплем, сястрыцы, у таткі пад аконцам.
Ноч малая, ды купальная!
Гарошку не ўзыйсці, мне ў таткі не быці.

 

АСТРАВЕЧЧЫНА

Словы С. Валодзькі
Музыка А. Якiменкi


І ў мяне ёсць радзімка свая:
Нарадзіўся тут некалі я,
На вачах у нябёсаў тут рос,
Часам вочы былі ў росах слёз.
Прыпеў:
Астравеччына — край дарагі,
Бераг радасці мой і тугі.
Тут мурог і аржышча твае
Помняць босыя ногі мае…
Як да матчынай добрай рукі,
Прыпаду зноў да мілай ракі,
І мне ў вочы Вілля зазірне,
Як малога, пагладзіць мяне.

 

КРЫЖЫ-АБЯРЭГІ

Словы М.Башлакова Музыка В.Бурмістравай

У вёсках палескіх,
Як белыя здані,
Стаяць на раскрэсах
У шызым тумане
Прыпеў:
Крыжы-абярэгі…
Крыжы-абярэгі…
Крыжы-абярэгі…
Крыжы-абярэгі…
Я помню з маленства
Магічныя знакі:
Ад буры і бедства,
Вады і маланкі.
Прыпеў.
Ля іх бласлаўлялі
Дзяцей у дарогу,
Гасцей сустракалі,
Маліліся Богу.

 

СЛОВЫ ПЕСНI "БЕЛАРУСЬ" З РЭПЕРТУАРУ "РАДЗIМIЧАЎ" ДРУКУЕМ ПА ПРОСЬБЕ ПРЫХIЛЬНIКАЎ АНСАМБЛЯ

Словы народныя Музыка М.ЗАХАРЧАНКI

Палюбiць Беларусь вельмi проста.
Трэба толькi прыехаць сюды,
Дзе пявучыя стромкiя сосны
i iскрыстыя сцежкi вады.
Тут жывуць светларусыя людзi
i калышацца лёну блакiт,
Хто калiсьцi тут быў,
Не забудзе тумановы свiтанак ракi.
Прыпеў:
Беларусь, Беларусь,
Дорыш людзям красу!
Беларусь, Беларусь,
Цябе ў сэрцы нясу.
Беларусь, Беларусь,
Цябе ў сэрцы нясу.

 

© 2012 Усе правы належаць рэдакцыі газеты "Голас Радзiмы"
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайту спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая. У Інтэрнэце - гіперспасылка "Голас Радзiмы"

Газета The Minsk Times   Газета СБ - Беларусь сегодня   Часопic Беларусь